„Нябачная рука” беларускіх уладаў



Яшчэ ў 18 стагоддзі шатландскі эканаміст Адам Сміт апублікаваў працу „Даследаванні аб прыродзе і прычынах багацця народаў”, дзе апісаў механізм „нябачнай рукі рынку”. То бок той механізм, які рэгулюе рашэнні пакупнікоў і прадаўцоў. Не ўдаючыся ў тонкасці эканамічнай тэорыі Сміта, адзначым, што шатландскі эканаміст ведаў, што чалавек імкнецца да ўласнай выгоды. І гэты факт ён кепскім не лічыў. Наадварот, паводле Сміта, калі чалавек пераследуе ўласныя інтарэсы, ён часта яшчэ болей служыць інтарэсам грамадства. Іншымі словамі: чалавеку трэба зарабіць. Зразумела, каб гэта зрабіць, чалавак будзе імкнуцца да таго, каб ягоны тавар купляўся, а таму прапаноўваць усё лепшыя і лепшыя тавары. Па выніку, добра атрымліваецца ўсім: прадавец атрымлівае прыбытак, пакупнік — тавар, які яму падабаецца.

Гэты закон „нябачнай рукі рынку” ведаюць эканамісты на першым курсе. Аднак беларускія ўлады даўно не прытрымліваюцца аб’ектыўных законаў. Як гэта яны яшчэ на галаве не пачалі хадзіць, каб абвергнуць закон сусветнага прыцягнення. Чарговая ініцыятыва беларускіх уладаў — спроба спыніць паток тавараў з кітайскіх інтэрнэт-крамаў. Дадзеным пытаннем займаюцца ажно тры структуры! Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства па падатках і зборах ды Мытны камітэт. Такім чынам улады плануюць падтрымаць беларускую вытворчасць. Можна падумаць, беларусы, згубіўшы магчымасць набываць праз сайты вопратку ды заплечнікі з красоўкамі, кінуцца набываць джынсы ды вясельныя сукенкі „мэйд ін Беларусь”. Як бы ўлады не даказвалі, што нашая лёгкая прамысловасць крутая і модная, але рэальнасць паказвае адваротнае. І цішоткі губляюць выгляд праз чатыры разы прання. І дзеткі ў беларускай вопратцы выглядаюць не надта. Не кажучы ўжо пра жанчын у беларускіх гарнітурах.

Замест таго, каб палепшыць беларускія тавары ў якасці і зменшыць па кошце, белараскія ўлады абмяжоўваюць продаж замежных. А ўвогуле чаго спыняцца на дасягнутым. Трэба, напрыклад, забараніць прадаваць у Беларусі легкавыя аўтамабілі. А ў якасці альтэрнатывы ўсіх перасадзіць на камбайны. Глядзіш, тады разгрузяцца склады Гомсельмаша.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ