Пайсці на суботнік, каб дадаць працы медыкам
Суботнік – гэта акурат тое, што трэба праводзіць цяпер. Называецца, на зло бабулі адмарожу вушы. Вакол пандэмія. У бліжэйшых з намі краінах працягваюць каранціны да 11 траўня. А ў нас – суботнік. І нічога, што нават Міністр аховы здароўя Каранік у свой час прагназаваў пік эпідэміі на канец красавіка-пачатак мая. Хаця цяпер ужо не прагназуе. Цяпер міністр Каранік гаворыць, што сітуацыя ў Віцебску стабілізавалася. Прагнозы прагнозамі, але суботнік усё роўна будзе.
Рашэнне аб правядзенні суботніка прынятае пастановай Савета Міністраў. Як паведамляецца на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале, суботнік можна правесці на працоўных месцах, альбо добраўпарадкаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці, тэрыторыі населеных пунктаў, падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартова-аздараўленчыя летнікі да сезону. Таксама, згодна з пастановай, заработаныя на суботніку сродкі пойдуць на дзіцячыя летнікі, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, месцаў баявой славы. А таксама “Нацыянальнаму мастацкаму музею” і Гомельскаму аблвыканкаму для фінансавання аб’екта “Рэканструкцыя брацкага захавання на месцы спаленай вёскі Олы ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці”. А цяпер удумайцеся: прагназуецца пік каранавірусу, валанцёры паўсюль збіраюць сродкі, каб набыць маскі і касцюмы для медыкаў, а ў нас грошы ад суботніка пойдуць куды заўгодна, але не на медыкаў. Хаця, гэта было б метафарычна: на фоне звароту “Заставайцеся дома” пайсці на суботнік, каб дадаць працы медыкам, але пералічыць потым туды грошы.