Паўднёвакарэйскія падарункі на ўсебеларускім сходзе



Усебеларускі народны сход ідзе ў нагу з часам. Толькі рэч не ў тым, што 2,5 тысячы дэлегатаў прапаноўваюць інавацыйныя падыходы выхаду з зацягнутага крызісу. Ці прадастаўляюць камп’ютарныя напрацоўкі стварэння прадукцыі кшталту Apple. Гаворка ідзе пра падарункі. А які ж сходавец з’язджаў без падарункаў пасля сходу?  І калі ў 2001-м дэлегаты атрымалі электрабрытвы фірмы „Браўн”, а дэлегаткі – прасы і патэльні з тэфлонавым пакрыццём, то ўжо ў 2010-м кожны дэлегат, незалежна ад полу, атрымаў печ-мікрахвалёўку і гадзіннік. А вось у 2016 годзе мікрахвалёўкамі нікога не здзівіш. Мікрахвалёўка ў кожнай хаце цяпер маецца. Цяпер – эпоха розных гаджэтаў. А таму кожны дэлегат Пятага ўсебеларускага народнага сходу атрымаў планшэт. Як бачым, прагрэс навідавоку. Калі так пойдзе, то дэлегаты Шостага ўсебеларускага народнага сходу з’едуць з мерапрыемства на электрамабілях.

Адзінае, што здзіўляе ў Пятым усебеларускім сходзе: чаму планшэты паўднёвакарэйскай фірмы Samsung, а не нашыя, не беларускія. А як жа лозунг „Купляй сваё”. Вось узяў бы які „Гарызонт” і выпусціў планшэты адмыслова для ўсебеларускага народнага сходу. Ну, і самае галоўнае: хто праплаціў усе гэтыя паўднёвакарэйскія падарункі? Ну, не  прэзідэнт жа Карэі Пак Кын Хе выдзяліла 500 тысячаў даляраў на падарункі для дэлегатаў Пятага ўсебеларускага народнага сходу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ