Поспех на заходнім фронце



Віншую! Гэта поспех беларускіх уладаў. І асабліва нашых дыпламатаў. 80 еўра за візу Шэнген – гэта проста супер. Асабліва, калі ўлічыць, што ў суседняй Украіне – бязвіз. Сапраўды, а для чаго нам тая Еўропа. Бачылі мы тую Еўропу. Нас і тут някепска кормяць, як казаў персанаж аднаго мультфільма.

Каму бязвіз, а каму павелічэнне цаны на Шэнген ажно на 20 еўра. То бок было 60, а стане 80. А калі хтосьці захоча ўсёй сям’ёй з 4 чалавек з’ездзіць паглядзець, а як там у іх жывецца, то давядзецца тады заплаціць увогуле 320 еўра за візы. Ды ў Беларусі некаторыя пра такія заробкі толькі мараць.

Цешыць, канешне, што мы не адныя такія ўнікумы, каму падвышаюць цану з 60 да 80 еўра. Проста Еўрапейская рада апублікавала рашэнне аб зменах у візавым кодэкс. То бок 80 еўра за візу – гэта не толькі для нашай краіны, але і для ўсіх тых, хто не падпісаў пагадненне аб рэадмісіі. Гэтае страшнае слова азначае гатоўнасць краіны прымаць дэпартаваных сваіх грамадзян і тых, хто праз тэрыторыю краіны патрапіў на чужую тэрыторыю. Але маецца надзея, што калі нашая краіна гэтае пагадненне падпіша, то тады нам цану на візы Шэнген знізяць да 35 еўра. Адзінае пытанне: калі тое наступіць. І пакуль што 80 еўра – больш рэальная цана, чым гіпатэтычнае зніжэнне да 35 еўра.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ