Пра 30 сутак за фота



У Беларусі суткі арышту можна атрымаць за ўсё, што заўгодна. За лайкі, за каментары. А вось цяпер – за фота. Прычым за фота паперкі. Афіцыйна гэтая паперка называецца бюлетэнь. Аднак паколькі ў Беларусі даўным даўно ніхто не лічыць галасы народу, то гэта хутчэй не бюлетэнь, а самая звычайная паперка.

Незалежныя СМІ паведамляюць, што ў Наваполацку затрымалі ажно 80 чалавек. Аказалася, іх затрымалі яшчэ падчас так званага рэферэндуму. Затрыманыя спрабавалі сфатаграфаваць бюлетэнь на выбарчым участку. І за гэта іх абвінавацілі за несанкцыянаванае пікетаванне і дробнае хуліганства. Калі фота паперкі – гэта пікетаванне, то фотаздымак з вяселля – гэта ўжо мітынг, атрымліваецца. А ўвогуле, чаго спыняцца на дасягнутым: можна пачаць увогуле затрымліваць за намер сфатаграфаваць што-небудзь. Не спадабаўся нейкі чалавек – можна арыштаваць, бо ён хацеў нешта сфатаграфаваць.

А аднаго затрыманага ўвогуле вінавацяць у пашкоджанні дзяржаўнай маёмасці. А менавіта – бюлетэня. Гэта, канешне, вельмі каштоўная дзяржаўная маёмасць. Калі палітычны крызіс у краіне будзе нарастаць, то такімі дзяржаўнымі маёмасцямі можна будзе заробкі выплачваць суддзям, якія выносяць выракі за фота бюлетэняў. Ну, яны ж каштоўныя! Затое наваполацкія ўлады могуць спаць спакойна: яны злавалі ажно 80 дробных хуліганаў і пікетоўшчыкаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ