Пра абяцанкі-цацанкі



Нядаўна ўлады паабяцалі нам вырашыць пытанне з узаемным прызнаннем сертыфікатаў пра вакцынацыю грамадзян Беларусі і Расеі супраць COVID-19. Маўляў, вось ужо хутка пытанне будзе вырашанае. Калі хто не ведае, то цяпер беларускі сертыфікат пра вакцынацыю ў Расеі не прызнаецца. Нават калі вам і ўкалолі расейскую вакцыну. Пакінем пытанне логікі ў дадзеным выпадку. У міністэрстваў свае правілы. Звернемся лепей да гісторыі.

Чытаем за ліпень навіну: “у СНД прапрацоўваецца пытанне пра ўзаемнае прызнанні сертыфікатаў пра вакцынацыю супраць COVID-19”.  Сярод прысутных тады на пасяджэнні – у тым ліку, прадстаўнікі міністэрств і ведамстваў Беларусі і Расеі. Чытаем навіну за лістапад: “Беларусь і Расея абмяркуюць узаемнае прызнанне сертыфікатаў супраць COVID-19”. Прайшоў месяц. У снежні навіна: “пытанне пра прызнанне сертыфікатаў можа быць вырашана”. То бок колькі месяцаў прайшло, а нам усё гавораць, што пытанне абмяркоўваецца. Цікава, колькі яно яшчэ будзе абмяркоўвацца? І колькі яшчэ часу пойдзе на “можа быць вырашана”. Як той казаў, абяцанага тры гады чакаюць. Хаця за гэты час і пандэмія ўжо можа скончыцца. Затое можна будзе адрапартаваць: мы нарэшце ўзаемна прызналі сертыфікаты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ