Пра адукацыйныя паборы
Паборы ва ўстановах адукацыі сталі такімі, што хутка будзе марш абураных бацькоў. Грошы ў школах і садках збіраюцца на ўсё: на шпалеры, новыя вокны, унітазы, палічкі, цацкі і туалетную паперу з мылам. Калі так далей пойдзе, то хутка будуць збіраць на сантэхніка, электрыка і дворніка.
Перафразуючы вядомы выраз: дзіця ў беларускай школе вывучыць – не поле перайсці. Платныя падручнікі, дзелавы стыль вопраткі, канцтавары. І паборы-паборы-паборы. У выніку для сямейнага бюджэту гэта выходзіць у сур’ёзную суму. А яшчэ рэпетытары ледзь не з пачатковай школы. І ў гэтым плане паўстае пытанне: а чым займаецца беларуская школа, калі да паступлення дзяцей рыхтуюць рэпетытары, а ўсімі неабходнымі рэчамі і рамонтам школы забяспечваюць бацькі.
У гомельскім педагагічным каледжы Выгоцкага – скандал. Навучэнцы аддзялення «Пачатковая адукацыя» абвінавачваюць сваю выкладчыцу па педагогіцы ў паборах. Гэта ж якія мусяць быць паборы, калі студэнты і іх бацькі, звыклыя да пабораў яшчэ з дзіцячага садка, абурыліся. У Беларусі ўвогуле студэнты рэдка абураюцца. А тут – напісалі заяву ў міліцыю. Маўляў, выкладчыца патрабавала грошы на валанцёрства, індывідуальныя заняткі, якіх не было, датэрміновую здачу іспытаў. І нават на прадукцыю «Арыфлэйм». Карацей, не тую прафесію абрала выкладчыца педагогікі. Ёй бы ў фінансы ісці ці да Сяргея Маўродзі, каб стварыць акцыянернае таварыства «МММ» мясцовага разліву. Вось тут бы ейны талент спатрэбіўся. А так: не атрымалася з выкладчыцы гомельскага педагагічнага каледжа фінансісткі і дыстрыб’ютара. Відаць, не пасавалі крэмы для рук і ног будучым педагогам. Самае цікавае, студэнткі скардзіліся на выкладчыцу і куратару, і дырэктару каледжа. Аднак гэта не дапамагло. Цяпер дапамагаць разбірацца ў сітуацыі будзе міліцыя.