Пра айчынную касметыку і аграгарадок



Падавалася, што можа быць агульнага паміж каровай і крэмам для твару з гіалуронавай кіслатой? Не, крэм не наносіцца на рагулю для лепшых удояў. Усё нашмат прасцей: крэмы з гіалуронавай кіслатой, якая выкарыстоўваецца для ўвільгатнення скуры, выпускаюць на адным вядомым прадпрыемстве Беларусі. А каровы – гэта, так сказаць, грамадская нагрузка на гэтага прадпрыемства. 15 гадоў таму ў выніку “геніяльнага” Указа “Аб некаторых мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацыяў” касметычнаму таварыству давялося разам з выпускам прадукцыі з рознымі пептыдамі займацца яшчэ і ўдоямі. Прадпрыемства атрымала стратны калгас. Добра, што яшчэ не было якога-небудзь Указа па аздараўленні, напрыклад, дрэвапераапрацоўчай прадукцыі, а тое б давялося яшчэ і мэблю рабіць. Затое некаторыя інгрыдыенты для касметыкі, можна сказаць, з уласных падворкаў: малако, мёд, зерне – усё сваё.

Нядаўна працу касметычнай кампаніі, якая з’яўляецца ўласнікам і сельгаспрадпрыемства, ацанілі на самым вышэйшым узроўні. Маўляў, і швец, і жнец, і на дудзе грэц. І касметыку выпускае, і аграгарадок са стратнага калгаса зрабіў, дзе давялося будаваць жытло, праводзіць газ, аднаўляць дом культуры і адкрываць мінімаркет з фітнес-клубам. Уяўляеце, каб розныя вядомыя касметычныя кампаніі займаліся яшчэ паралельна стварэннем аграгарадкоў?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ