Пра ананімную Беларусь
Падрыхтоўка да рэферэндуму ў Беларусі адбываецца досыць дзіўна, мякка кажучы. Спачатку чамусьці вырашылі пазбавіць голаса тых, хто знаходзіцца па-за межамі краіны. Такое адчуванне, што гэта і не грамадзяне зусім. Сапраўды, навошта ў іх пытацца? Добры, што грамадзянства не пазбавілі. І на тым, як кажуць дзякуй.
І вось цяпер здзіўленне, зноў мякка кажучы, выклікалі сфармаваныя ўчастковыя камісіі. Пра тое, што іх сфармавалі, напісалі на сайтах адміністрацый раёнаў. Аднак, калі раней, размяшчалі спісы ўчастковых камісій, то цяпер вядомыя толькі старшыня, намеснік старшыні і сакратар. Відаць, сябры ўчастковых камісій такія сціплыя людзі, што проста не хочуць называць свае імёны. Увогуле ў краіне цяпер столькі сціплых людзей. Прадстаўнікі сілавых структур закрываюць твары і называюць сябе рознымі Пятровымі Пятрамі Пятровічамі. Вось цяпер і прозвішчы ўчастковых камісій не вядомыя. Цікава, а падчас правядзення рэферэндуму сябры ўчастковых камісій таксама будуць твары закрываць, як сілавікі? Увогуле, калі так далей пойдзе, то ў краіне назбіраюцца не толькі ананімныя сілавікі і сябры ўчасотковых камісій. А таксма ананімныя пракуроры, ананімныя суддзі, ананімныя міністры, ананімныя парламентары, ананімныя ідэолагі. Такія вось ананімы, канешне ж, не баяцца свайго народу.