Пра апошняе месца на чэмпіянаце свету
Як супакойвалі нас усіх у школе: галоўнае – не перамога, а ўдзел. Відаць, гэтым прынцыпам кіравалася зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі, які праходзіў у Рызе. Бо Беларусь заняла апошняе месца ў групе.
А ўвогуле ўсё адносна. Калі паглядзець з іншага боку, то апошняе месца становіцца першым. Так што, зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі заняла першае месца. З канца. І ўвогуле, сёлета з элітнага дывізіёну ніхто не вылятае. Так што, і паўдзельнічалі, і прайгралі, і засталіся ў першым дывізіёне. Як той казаў, падфарціла, дык падфарціла. Інакш не ўбачыць хакеістам элітнага дывізіёну, як сваіх вушэй.
Затое на заключным матчы Расея-Беларусь былі гледачы. Так што гульню, дзе зборная Беларусі прайграла, паглядзелі заяўзятары. Праўда, заўзятараў было няшмат. Дакладней, толькі адзін. І заўзеў ён за каманду АКР. Але гэта няважна. Галоўнае, хоць адзін, але глядач быў. І недзе ў глыбіні душы ён, відаць, заўзеў і за беларускую зборную.
Дарэчы, сёлетні ЧС па хакеі запомніўся двума скандаламі. Першы – яго не правялі ў Беларусі праз парушэнне правоў чалавека. Беларуская дзяржава на гэта адказала тым, што забараніла для продажу Беларусі прадукцыю Skoda і Nivea. Другі – зборная Беларусі прайграла практычна ўсім.