Пра апошнюю надзею



У Фэйсбуку ўсур’ёз абмяркоўваюць, эміграваць ці заставацца жыць у Беларусі. А прычына такіх разваг – артыкул у расейскім выданні «Камерсант», у якім апісваецца праграма інтэграцыі Расеі і Беларусі. Дакумент гэты кіраўнікі маюць падпісаць у снежні. Паводле інфармацыі журналістаў, да 2022 года плануецца адбыцца пераход на адзіную сістэму падаткаабкладання і ўзгодненую палітыку на рынку працы і ў сферы сацыяльнай абароны. Але дзе эканамічная інтэграцыя, там, як вядома, недалёка і да палітычнай. Адна надзея ў беларусаў застаецца на шамана, які плануе да гэтага часу дабрацца да Масквы і прагнаць Пуціна з Крамля. Шаман, якога завуць Аляксандр Габышаў і які ідзе пешшу з Якуціі, акурат плануе дайсці да Масквы да 2021 года. Так што, глядзіш, пакуль шаман будзе выганяць дэмана з Крамля, гэтаму самаму дэману будзе ўжо не да Беларусі.

Шаман Аляксандр Габышаў абяцае, што ў яго будзе войска, дэман з Крамля будзе выгнаны, а ў Расеі абяруць новага прэзідэнта. Якут ідзе пешшу не першы тыдзень. Вакол яго ўжо збіраюцца прыхільнікі. А сам Аляксандр Габышаў, як той Іван Царэвіч, апантаны ідэяй перамагчы Кашчэя Бессмяротнага. Глядзіш, хутка Аляксандр Габышаў у Расеі стане такім жа папулярным, як і дэман, якога шаман збіраецца выгнаць з Крамля. Ну, а беларусам застаецца спадзявацца, што шаман да Масквы ўсё-такі дабярэцца і развагі ў сацыяльных сетках наконт таго, эміграваць з Беларусі ці не, так і застануцца развагамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ