Пра аўтамабільнага франкенштэйна



У народзе часам кажуць, выбачайце за выраз: з гаўна і палак. Маючы на ўвазе, што нешта зрабілі з таго, што было пад рукой. Для эстэтаў і перфекцыяністаў звычайна такое нешта – пекла. Бо выглядае гэта ў большасці выпадкаў не самым належным чынам. Карацей, вока не радуе, эстэтычнае задавальненне не прыносіць. У вось цяпер у Расеі будуць выпускаць аўтамабілі з запчастак, якія накапіліся на складах. Ну, вы зразумелі самі, з таго, што маецца пад рукой.

У красавіку, вытворчасць на адным аўтамабільным прадпрыемстве ў Расеі прыпынілі. Бо не хапала камплектуючых дэталяў. І вось на заводзе знайшлі выйсце. Аўтамабілі будуць збіраць цяпер з тых дэталяў, якія назапасіліся на складах. Такіх дэталяў назапасілася ажно на 1800 машын. Праўда, некаторых дэталяў нават на складах не знайшлі. Так, некаторыя машыны будуць выпускацца без падушак бяспекі і анатыблакіровачнай сістэмы тармазоў. Сапраўды, навошта гэтыя новаўвядзенні. Замест падушак бяспекі можна звычайныя падушкі выкарыстоўваць. А замест АБС самім машыну спрабаваць раскачваць. Цікава ў дадзеным выпадку іншае: а што будуць рабіць потым, калі дэталі скончацца? Будуць, напрыклад, замест сядзенняў у салон ставіць драўляныя рамы? А там і не далёка да таго, каб машыну коні цягнулі замест матора.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ