Пра аўто, якое забралі за сцяг
У Беларусі працягваецца эпапея “Улады супраць белага і чырвонага колераў”. Людзей, у якіх у доме вісіць бчб-сцяг ці пагоня, усяляк спрабуюць пераканаць гэтыя сімвалы зняць. Такое адчуванне, што некаторыя больш нічым і не займаюцца, як толькі шукаюць сцягі ў вокнах мірных грамадзян. Памятаеце, як гаварыў Паліграф Шарыкаў з “Сабачага сэрца”, “учора катоў душылі-душылі-душылі-душылі”.
Ва ўладаў Беларусі з бчб-сімволікай асаблівыя стасункі. Яна ім у страшных снах сніцца, відаць. Здзіўляюся, як гэта яшчэ не забаранілі белы і чырвоны колеры. Бо кожны дзень з’яўляецца інфармацыя: у таго забралі сцяг, таго прымусілі зняць. У Менску, напрыклад, у жыхара кварталу “Пірс” міліцыя патрабавала зняць сцяг, які вісеў на балконе. Калі той адмовіўся, то ў яго ДАІ эвакуявала аўто. Як у той савецкай стужцы, калі домакіраўнік вуснамі актрысы Ноны Мардзюковай гаварыла наконт распаўсюду сярод жыхароў страхавых білетаў: “А не будуць браць, то адключым газ.” Так і тут. Не здыміце сцяг, то мы вам што-небудзь непрыемнае зробім. Гэтым разам у мінчука забралі аўто. На якой падставе? Чаму? На сайце evakyator.by адзначаецца, што эвакуацыя адбываецца пры парушэнні правіл паркоўкі і для перадухілення ДТЗ. Калі аўто стаяла па правілах, то з якой нагоды ДАІ забірае транспартны сродак? Няўжо для прадухілення ДТЗ у двары жылога дома? У любым разе ДАІшнікам давядзецца патлумачыць, з якой нагоды забралі аўто. І сцяг у дадзеным выпадку законнай прычынай не з’яўляецца.