Пра бабаяў з Міністэрства аховы здароўя і аддзелаў адукацыі
Дзяцей не трэба палохаць бабаем, які прыйдзе і іх забярэ. А вядомую дзіцячую калыханку пра тое, што не трэба спаць на баку, бо прыйдзе шэранькі ваўчок і ўцягне за бачок, трэба перарабіць. У рэальнасці бабаі дзяцей не забіраюць. І ваўкі таксама. А вось сацыяльныя службы яшчэ як. У Івацэвічах у інвалідаў хочуць забраць дзіця, таму што бацькі – інваліды.
У Івацэвічах жыве пара: Ганна і Анатоль Бахуры. Яны інваліды першай групы. У яе – анамалія канечнасцяў, у яго – ДЦП. Аднак усё гэта не перашкодзіла Ганне маляваць карціны, жыць разам з мужам шчасліва і нарадзіць сына. І ўсё было б у іх сям’і добра, калі б не беларускія чыноўнікі. Не пашанцавала сямейству Бахураў патрапіць у спіс Міністэрства аховы здароўя. Дакладней, іх дыягназам. На думку чыноўнікаў, людзі з такімі дыягназамі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі. А таму для сына Ганны і Анатоля Бахураў шукаюць апекуна, прыёмную сям’ю альбо дзіцячы прытулак. На думку беларускіх чыноўнікаў, з чужымі дзяцькамі і цёткамі маленькаму хлопчыку будзе лепей, чым са сваімі бацькамі.
Няхай у бацькоў дыягназы, няхай яны і першай групы інваліднасці. Але з галавой у іх усё ў парадку. І з пачуццямі таксама. Таму любіць яны будуць свайго сына болей, чым хтосьці іншы. А значыцца, і выхоўваць будуць лепей, чым хто-небудзь іншы. А вось што будзе ў галовах апекуноў – невядома. І які будзе лёс дзіця, якога чыноўнікі аддадуць у прытулак, забраўшы ад родных бацькоў, таксама невядома. Але беларускіх чыноўнікаў такія дробязі мала хвалююць. Ім галоўнае, каб у паперках было ўсё ў парадку. Раз ёсць у спісе Міністэрства аховы здароўя дыягназ, які не дазваляе выконваць бацькоўскія абавязкі, значыцца інакш не можа быць. І ніхто не гарыць жаданнем узяць на сябе адказнасць і пакінуць бацькам сына на выхаванне. А раптам што. Дык гэта ж звольняць потым таго, хто дазволіў бацькам-інвалідам сваё ўласнае дзіця выхоўваць.
У Аўстраліі ў канцы 19 стагоддзя і да 60-х гадоў 20 ст. у сем’ях абарыгенаў гвалтоўна забіралі дзяцей і аддавалі іх у прытулкі альбо ў прыёмныя белыя сем’і. Скончылася такая дзяржаўная палітыка вельмі кепска. Вырасла цэлае пакаленне, схільнае да самазабойстваў і алкагалізму. Так што, беларускія чыноўнікі цалкам могуць паўтарыць памылкі мінулага стагоддзя, калі забяруць дзіця ў бацькоў, якія любяць яго. Хай гэтыя бацькі і інваліды.