Пра барацьбу з кавідам у Беларусі



Беларускія ўлады падрыхтаваліся на ўсе сто працэнтаў для барацьбы з новай хваляй каронавірусу. Яны проста ўзялі і арыштавалі медыкаў. Падчас эпідэміі – гэта акурат тое, што трэба рабіць: арыштоўваць медыкаў. Вось арышту АМАПаўцаў ніхто б не заўважыў. А суткі арышту для медыкаў падчас пандэміі цяжка назваць прыстойным словам. І пытанне: хто будзе лячыць людзей, прычым не толькі ад кавіду, калі таленавітыя медыкі альбо арыштаваныя, альбо з’язджаюць, каб не трапіць пад арышт? Можа, АМАПаўцы паралельна з тым, як разганяць мірных пратэстоўцаў, вывучалі асновы медыцыны. Але неяк да міліцыянтаў лячыцца не хочацца ісці. Лепей ужо самалячэнне.

Затое Беларусь закрыла межы. Праўда, неяк дзіўна. Для сваіх грамадзян. Таксама ўлады гавораць, што ў межах барацьбы каронавірусам. Цяпер, напрыклад, выехаў у Літву ці Польшчу, а назад ужо патрапіць не можаш: не пускаюць. Многія беларусы пачалі скардзіцца, што іх дзяцей – студэнтаў польскіх ці літоўскіх ВНУ — разварочваюць на мяжы назад. І няважна, прадаставіш ты даведку, што не хварэеш на кавід ці не прадаставіш: усё роўна не пусцяць. У Беларусь цяпер можна патрапіць толькі самалётам. Такое адчуванне, што ў самалёце ўсе вылечваюцца. Таксама забарона не датычыць Расеі. Адтуль могуць уязджаць усе: відаць, там такі каронавірус, які баіцца беларусаў. А ўвогуле, беларусы, як заўжды, адчулі вялікі клопат з боку ўладаў падчас пандэміі, які цяпер выражаецца ў двух пунктах: беларусаў у Беларусь не ўпаскаць, а ўсіх нязгодных з уладамі медыкаў пасадзіць. З такім падыходам мы, канешне, каронавірус пераможам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ