Пра беларускую антыўтопію



У Яўгенія Замяціна ў антыўтопіі “Мы” ўсе жыхары мусілі жыць з адкрытымі вокнамі. Маўляў, людзям шчаслівай краіна няма чаго хаваць адно ад аднаго. І толькі ў пэўныя гадзіны дарослыя людзі выдуманай Замяціным краіны атрымліваюць ружовы талон з дазволам апусціць шторы ўвечары на пэўны час. У Беларусі, відаць, улады вырашылі зрабіць антыўтопію Замяціна “Мы” рэальнасцю, калі нехта зверху вырашае нават тое, што рабіць ва ўласным жытле. А як яшчэ можна патлумачыць, што Магілёўскія ўлады забаранілі жыхары горада правесці пікет ва ўласнай кватэры. Магілёўскім уладам, відаць, забыліся патлумачыць, што антыўтопія – гэта не тое, да чаго трэба імкнуцца. Антыўтопія апісвае грамадства, якое падаецца аўтару непажаданым, а зусім не наадварот.

Магілёўскі гарвыканкам забараніў жыхару Магілёва правесці пікет у выглядзе вывешвання бчб сцяга на ўласным балконе. Мясцовыя ўлады спаслаліся на тое, што кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, які падаў адпаведнае апавяшчэнне, вырашыў праводзіць пікет у недазволеным для масавых мерапрыемстваў месцы. Маўляў, адзінай пляцоўкай для масавых мерапрыемстваў і пікетаў у Магілёве з’яўляецца футбольнае поле. То бок на ўласным балконе ўжо нельга сцяг вывесіць, бо гэта, аказваецца масавае мерапрыемства, якое можна праводзіць толькі на футбольным поле і з дазволу ўладаў. Цікава, а кавы папіць на ўласным балконе можна? Ці гэта таксама масавае мерапрыемства? І ўвогуле, а што можна рабіць на ўласным балконе, каб не парушыць артыкул 23.34? Ці цяпер на любое дзеянне на сваім балконе трэба пытаць дазвол у мясцовых уладаў?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ