Пра беларускую армію і туалеты



Неяк адзін гомельскі ідэолаг сказаў, што дабрабыт людзей у Беларусі павысіўся, бо яны старыя ўнітазы на сметнікі выкідаюць. Прайшоў не адзін год, а ў нас дагэтуль узровень жыцця насельніцтва мераюць туалетамі. А кіраўніца Камітэта салдацкіх маці дык увогуле паказнікам добрага войска лічыць чысценькія туалеты. Нядаўна яна заявіла, што ў параўнанні з дзевяностымі ў арміі цяпер душа радуецца, туалеты чысценькія, утульна, прыгожа. Як гэта яшчэ пра туалетную паперу забылася сказаць. Вісіць гэтае дасягненне чалавецта ў кабінцы, значыцца – ўсё ок, усіх пераможам. Падумаеш, у беларускім войску па-беларуску загады не даюць. Падумаеш, у беларускім войску з беларускага толькі слова – беларускае. Падумаеш, у беларускім войску зусім няма беларускай ідэі і павагі да беларускага. Затое там ёсць туалеты: утульна і прыгожа. А ад ворагаў, калі што, салдаты будуць унітазамі абараняцца.

Калі б кіраўніца Камітэта салдацкіх маці абмежавалася толькі развагамі пра туалеты. Дык яна ж падтрымала яшчэ змены ў заканадаўстве аб прызыве. Самае галоўнае змяненне – гэта адмена некалькіх адтэрміновак ад войска. Цяпер маладыя людзі пры паступленні ў ВНУ пасля тэхнікума ці ў магістратуру, ці аспірантуру спачатку мусяць адслужыць у войску. Кіраўнічка Камітэта салдацкіх маці Галіна Чыгрынава нічога кепскага не бачыць у тым, што маладзён паступіць у магістратуру пасля службы ў войску. Ага, за гэты час маладыя людзі акурат назапасяць дадатковыя веды для паступлення ў магістратуру. Як напісаў адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў, мудрасць не заўжды прыходзіць з узростам. А ўвогуле цікава, як беларуская армія збіраецца абараняць сваю радзіму ад ворагаў, калі яна не можа абараніць сваіх прызыўнікоў ад дзедаўшчыны. І не падманеш чыстымі туалетамі бацькоў, якія не давяраюць беларускаму войску і шукаюць любую магчымасць не аддаць дзіця ў армію. Лепей бы парадак у войску навялі і зрабілі яго сапраўды беларускім з добрым абмудзіраваннем і сапраўднай беларускай ідэяй. Глядзіш, і не давялося б лакшыну на вушы вешаць, распавядаючы пра ўтульнасць і чыстыя туалеты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ