Пра беларускую бясплатную адукацыю



Хто-небудзь верыць яшчэ, акрамя чыноўнікаў, што ў Беларусі бясплатная адукацыя? У Дзятлаве Гарадзенскай вобласці бацькі вымушаныя выкідваць кругленькую суму за ўрокі па фізкультуры для сваіх дзяцей. Маюцца на ўвазе тыя ўрокі па фізкультуры, што праходзяць у басейне. Справа ў тым, што Міністэрства адукацыі зноў выступіла са сваёй геніяльнай прапановай, каб у школьную праграму ўвялі плаванне. Плаванне ўвялі, а пра басейны забыліся.

Не кожная школа можа пахваліцца плавальнай інфраструктурай. Асабліва, калі гаворка ідзе не пра сталіцу, а пра рэгіёны. Вось адміністрацыі школ і даводзіцца выкручвацца і арэндаваць басейны ў іншых арганізацыяў. У Дзятлаве гэта басейн, які належыць ЖКГ. Зразумела, тыя не хочуць прадаставіць для школы басейн бясплатна. Вось і даводзіцца бацькам аплочваць плаванне ў басейне сваіх дзяцей. Прычым, сцвярджаюць бацькі, для сям’і з трыма дзецьмі, заняткі будуць каштаваць 72 рублі. Калі заробак складае ў рэгіёнах 300-400 рублёў, то выкласці 72 рублі ў месяц – гэта вельмі шмат. За гэтыя грошы можна абутак набыць для дзяцей. Ці харчавацца нармальна некалькі дзён. Што праўда, намесніца начальніка аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама сказала журналістам, што аплочваецца толькі арэнда і паслугі ЖКГ, а не ўрокі. А галоўнае, яна не верыць, што такія паходы ўлятаюць у капейчыну сям’і. Канешне, не верыць, калі, як паказалі выбары, чыноўнікі зарабляюць па тысячы, а тое і дзве тысячы рублёў. А некаторыя нават і больш. Дык для іх 72 рублі – нядорага. А калі ў сям’і прыбытак 300 рублёў, то аддаць з іх 72 рублі – дарагавата. І для бацькоў усё роўна, куды пойдуць іх грошы: на ўрокі фізкультуры ці на арэнду. Вось так геніяльная ідэя Мінадукацыі лягла на плечы бацькоў. Лепей бы ўжо нічога не рабілі, чым так, што бацькам яшчэ пазычаць грошы даводзіцца на заняткі фізкультурай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ