Пра беларускую лацінку, якую баіцца „рускі мір”
У праўладных і прарасейскіх ТГ-каналаў новая страшылка: беларуская лацінка. Далібог, калі б прадстаўнікі “рускага міру” мелі машыну часу, то яны б вярнуліся ў ранейшыя часы і арыштавалі б аўтараў “Хронікі Быхаўца” і “Ліста да Абуховіча”, якія перадавалі беларускую мову лацінскім пісьмом. А потым бы ўзяліся яшчэ за нашых знакамітых творцаў Яна Чачота, Паўлюка Багрыма, Дуніна-Марцінкевіча і многіх іншых беларусаў, якія пісалі свае тэксты лацінкай. Ну, а ў змаганні з беларускім героем Кастусём Каліноўскім яны б увогуле маглі паспаборнічаць з вешальнікам Мураўёвым. Як добра, што ў гэтых прарасейскіх актывістаў, якія чамусьці жывуць у Беларусі, няма машыны часу. Бо яны нічога не ствараюць і не ўмеюць. А нядаўна яны ўзяліся за беларускую лацінку, якая ім спаць спакойна не дае. То бок пяцьсот год таму ўжо ва ўсю спрабавалі перадаць беларускую мову лацінскімі літарамі. А праўладныя прапагандысты і прыхільнікі “рускага міру” раптам вырашылі з ёй змагацца і пачалі збіраць подпісы, каб зніклі шыльды на лацінцы ў Беларусі. Маўляў, ім расейская мова патрэбная, а не беларуская лацінка. Так і хочацца спытаць, што яны ў Беларусі забылі ў гэтым разе? А ўвогуле, падаецца, пытанне тут не ў лацінцы, а ў банальнай непісьменнасці і неадукаванасці.