Пра белых і пухнатых



Ну, усё. Пра настаўнікаў цяпер толькі добрае. У нас увогуле пра многіх цяпер толькі добрае можна гаварыць, а інакш самі ведаеце, што можа быць. Пра чыноўнікаў, напрыклад, можна гаварыць толькі тое, што яны белыя і пухнатыя. І ніякай крытыкі. Вось раней было прынята лічыць, што толькі пра нябожчыкаў можна гаварыць альбо добрае, альбо нічога. А цяпер, аказваецца, не толькі. Цяпер у нас, як у тым анекдоце, крок улева, крок управа – расстрэл.

Камуніст і па сумяшчальніцтве міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў, што трэба перастаць публічна крытыкаваць настаўнікаў. Маўляў, гэта падрывае аўтарытэт настаўніка. Канешне, нарэшце, знойдзены спосаб падвысіць аўтарытэт настаўнікаў: проста перастаць крытыкаваць. Вось і ўся рэформа сістэмы адукацыі. А што вы ўсе чакалі, што звернуцца да вопыту Фінляндыі. Не, у нашай краіне вырашылі ўсё проста: аніякай крытыкі. Нават болей, не проста аніякай крытыкі. Нават абмяркоўваць школьнікі не павінныя настаўнікаў з бацькамі. То бок, школьнікам мінадукацыі слова не дае. Сапраўды, хто яны такія: уся толькі дзеці. Я вось думала, што аўтарытэт настаўніка падвысіцца тады, калі на педагагічныя спецыяльнасці будуць набіраць не па прынцыпе, “хто не паступіў, той ідзе на педспецыяльнасць”. Калі прафесія настаўніка стане сапраўды прэстыжнай. Калі міністэрства спыніць навязваць сваё бачанне адукацыйнага працэсу настаўнікам. Калі сам настаўнік зразумее, што аўтарытэт усё ж такі заваёўваецца на ўроках, а не ў выбарчых камісіях.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ