Пра бездакорныя выбары



На жаль, гаворка ідзе не пра Беларусь. А пра прэзідэнцкія выбары ва Украіне, дзе адбыўся першы тур галасавання.

Ну ўсё, калі ўжо Лідзія Ярмошына пахваліла ўкраінскія выбары, то можна спаць спакойна. Дэмакратыя ва Украіне жыве. Цяпер засталося, каб выбары ў Беларусі прайшлі так жа бездакорна, як ва Украіне.

Лідзія Ярмошына павіншавала сваіх калег з бездакорнай арганізацыяй выбарчага працэсу. І ўпершыню ў гісторыі з Лідзіяй Міхайлаўнай можна пагадзіцца. Парашэнка не атрымаў элегантную перамогу з падтрымкай ў 80% галасоў, як падобнае адбываецца ўжо які год у Беларусі. Больш за тое, паводле папярэдніх дадзеных, ён увогуле адстае ад свайго канкурэнта ўдвая. А цяпер уявіце падобныя вынікі галасавання ў Беларусі. Ды ў нас і 10% не даюць апазіцыйным лідарам набраць. Не кажучы ўжо пра 30 з гакам працэнтаў. Ды і 39 кандыдатаў у Беларусі наўрад ці б зарэгістравалі. Тая ж Лідзія Міхайлаўна адсеяла б іх яшчэ на этапе рэгістрацыі. Яшчэ б і ўшчувала безадказных беларусаў, што тыя пруцца ў прэзідэнты, не маючы досведу. А ўлічваючы, чым часам заканчваецца кандыдадства для беларускіх палітыкаў, то наўрад ці б у Беларусі назбіралася столькі ахвочых удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. А інтэрнэт-карыстальнікі ў сваю чаргу сталі прасіць Лідзію Ярмошыну арганізаваць выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь так жа бездакорна, як ва Украіне.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ