Пра бязвіз у дыктатуру



Нешта не хочуць ехаць палякі ў рай на зямлі. Афіцыйны Мінск зрабіў бязвіз для грамадзян Польшчы. Аднак за пяць дзён імі скарысталася толькі 150 палякаў. Так, вам не падалося. Не 1,5 тысячы ці 15 тысяч. А менавіта 150 чалавек. Для параўнання, беларусы да пандэміі былі лідарамі ў свеце па колькасці шэнгенскіх віз, атрыманых на душу насельніцтва. За першыя два тыдні вайны ва Украіне ў Грузію прыехала 15 тысяч беларусаў. То бок, за пяць дзён прыляцела больш за 5 тысяч нашых суайчыннікаў. І гэта пры тым, што большасць з іх і не збіралася вяртацца назад у рай на зямлі – Сінявокую.

Бязвіз у Беларусь для палякаў не прайшоў. 150 чалавек за пяць дзён – гэта па 30 чалавек у дзень. То бок і па два чалавекі ў гадзіну не перасякалі мяжу з Беларусяй. Нешта не імкнуцца жыхары Польшчы ехаць у Беларусь. Не прываблівае іх там ні танная грэчка, ні чыстыя вуліцы, ні добрыя санаторыі, ні смачнае малако. Хаця смачнае малако разам з сырам і ў Польшчы ёсць. Як у прынцыпе і чыстыя вуліцы, і добрыя базы адпачынку, і нават грэчка. А вось чаго ў іх няма, дык гэта палітвязняў, масавай эміграцыі насельніцтва і масавых рэпрэсій.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ