Пра чырвонае і белае
Пачытаеш навіны і складваецца ўражанне, што самае вялікае злачынаства ў Беларусі цяпер – гэта выкарыстанне белых і чырвоных колераў. Здзіўляюся, як гэтыя колеры яшчэ не забаранілі ў Сінявокай. Бо за апошннія два гады сілавікі толькі тым і займаюцца, што палююць на спалучэнні белага і чырвонага. То ім не спадабаецца колер майткоў, што на балконе ў кагосьці вісіць. То колер скрыні ад тэлевізара, якая ў вакне бачна. А з нядаўняга: ГУБАЗіК разграміў друкарню ў Барысаве. І ўсё па адной і той жа прычыне: памяшканне было аформлена ў белых і чырвоных колерах. І, як вы ўжо здагадаліся, вынікам уварвання няпрошаных гасцей сталі абарваныя сцены, раскіданыя рэчы і пакаяльнае відэа супрацоўнікаў друкарні. Нічога іншага ад беларускіх сілавікоў ужо і не чакаеш. З такім падыходам, дык хутка і беларускія народныя строі, якія традыцыйна пашытыя ў белых і чырвоных колерах, таксама акажуцца пад негалоснай забаронай. А што ўжо казаць пра бела-чырвона-белыя ручнікі? Ды ладна ручнікі і народныя кашулі! У свеце вельмі шмат сцягоў, аформленых у ненавіснай для ГУБАЗіКа колеравай гаме. Напрыклад, сцяг Польшчы, Грузіі, Канады, Аўстрыі, Турцыі, Японіі, Манака, Швайцарыі, Туніса і Бахрэйну – усе аформленыя ў белых і чырвоных колерах. Аднак наўрад ці сілавікі пра гэта задумваюцца. На іх цяпер чырвоны і белы ўздзейнічаюць, як чырвоная ануча на быка.