Пра дармаедаў і працаголікаў



Мэйнстрым у нашай краіне цяпер – гэта дармаеды. Менавіта яны — самая вялікая праблема ў Сінявокай. Яны займаюць галовы чыноўнікаў, прадстаўнікоў сілавых структураў ды парламентароў. Хто імі толькі не займаецца! Якія структуры толькі не прапаноўвалі з імі змагацца. І МУС, і міністэрства па падатках і зборах, і, як той казаў, і жук, і жаба. Апошнім разам за дармаедаў вырашыла ўзяцца пракуратура. Такое адчуванне, што яны ўжо ўсіх злачынцаў перамаглі. І цяпер засталіся толькі дармаеды.

Генеральная пракуратура прапанавала свой варыянт барацьбы з дармаедамі. І разаслала адпаведныя цыркуляры па міністэрствах і аблвыканкамах. Маўляў, трэба актывізаваць працу дзяржорганаў па пераадоленні сацыяльнага ўтрыманства. Сярод мераў, прапанаваных  пракуратурай, — абмежаванне па часе продажу алкагольных напояў. Такое адчуванне, што, калі пасля дзесяці вечара перастаць прадаваць піва, то дармаеды адразу знікнуць. А калі яшчэ забараніць ноччу віно прадаваць, дык дармаеды пераўтворацца ў працаголікаў. Як у той казцы пра Папялушку. Толькі там пад бой гадзінніка, а дванаццатай ночы, прынцэса пераўтваралася ў Папялушку. А тут пад пляшку ненабытага піва дармаеды стануць працаголікамі.

Не набыў пляшку светлага піва – працуеш на карысць дзяржавы, як вол. Не набыў дзве – як два валы. Ну, а калі начную п’янку прапусціў – дык увогуле стаў сацыяльна карысным элементам. Трэба яшчэ абавязаць на алкагольнай прадукцыі размяшчаць папярэджанне кшталту: ўжыванне алкаголю пераўтварае ў дармаедаў. Калі разважаць у логіцы генпракуратуры, то ў лік дармаедаў можна ўзнесці многіх сусветна вядомых пісьменнікаў. Напрыклад, Хэмінгуэя. Любіў старэча пару келіхаў махіта накаціць. Гашэк – аўтар “Швейка” – любіў піўко. Нават пра сябе пісаў: “Я раз за адну ноч наведаў дваццаць восем месцаў. Але, да гонару, нідзе больш за тры келіхі піва не піў”.

А ўвогуле, для чаго быць дробнымі. Выпусціць цыркуляр, у адпаведнасці з якім, спіртное можна будзе набываць толькі па прадастаўленні працоўнай кніжкі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ