Пра “длінюшчую НАТА руку”



Які самы страшны сон кіраўнікоў некаторых постсавецкіх рэспублік? Вы думаеце кепскае жыццё людзей? Не, і яшчэ раз не. Самы страшны сон кіраўнікоў некаторых постсавецкіх рэспублік – гэта НАТА пад бокам. Такое адчуванне, што ад з’яўлення войск НАТА каля межаў краіны пагоршыцца ўраджай бульбы. Аура, можа, у тых войскаў нейкая не такая, што кепска адлюстроўваецца на агракультурах.

А больш за ўсё НАТА баяцца ў расейскім Крамлі. На магчымасць сапсаванага ўраджаю бульбы ім, канешне, начхаць. А вось нянавісць да НАТА – гэта спадчына саўка, адмаўляцца ад якой у Крамлі ніхто не збіраецца. Вось і працягваюць, як і раней, запалохваць насельніцтва драпежнікамі з НАТА. Дзядоў палохалі, потым бацькоў, цяпер вось унукаў ды праўнукаў.

І вось стала вядома, што ў 15 км ад межаў Беларусі, у Літву прыехала ажно 30 амерыканскіх танкаў і баявых машын пехоты “Брэдлі”. Плануецца, што цяжкая бронетэхніка будзе выкарыстаная ў маштабных вучэннях Паўночнаатлантычнага альянсу. Не паспела тэхніка даехаць да мяжы з Беларусяй, а расейскія СМІ ўжо не толькі напісалі з дзясятак артыкулаў з гэтай нагоды, але і размясцілі меркаванне, што саміведаецехто наўрад ці ўспрыме размяшчэнне танкаў як сяброўскі намер. І вось дзіва: як у ваду глядзелі. Саміведаецехто назваў размяшчэнне тэхнікі НАТА каля мяжы бронетанкавым кулаком і паабяцаў адказаць на такую дэманстрацыю сілы. Ага, можна памахаць пальцам і сказаць: “Но-но-но”. Пасля такіх словаў НАТА дакладна спалохаецца і ўцячэ. Затое пасля такіх пагрозаў з боку саміведаецекаго можна чакаць, што традыцыйныя ў канцы года перамовы наконт паставак газу паміж Расеяй і Беларуссю вырашацца нашмат хутчэй і лепей.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ