Пра Дзень пісьменства і ціск на дзеячаў культуры



У першую нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень пісьменства. Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка з гэтай нагоды нават цэлы тэкст выдаў. Ён напісаў, што Дзень пісьменства вяртае да вытокаў роднай мовы і культуры, што гэта дыскусійная пляцоўка, калі пісьменнікі і дзеячы культуры розных краін абменьваюцца досьведам. Вось толькі намеснік прэм’ер-міністра ні слова не сказаў, што адбылося ў сферы культуры ў Беларусі напярэдадні Дня пісьменнасці. Напрыклад, што нобелеўскага лаўрэатара Святлану Алексіевіч выклікалі ў следчы камітэт толькі па той простай прычыне, што яна ўваходзіць у Каардынацыйную раду. Падаецца, пасля ціску з боку ўладаў Беларусі на нобелеўскага лаўрэта Святлану Алексіевіч нармальны чалавек, а тым болей пісьменнік, на афіцыйны Дзень пісьменства ўжо не паедзе. Таму што ціснуць на нобелеўскіх лаўрэатаў – гэтае самае апошняе, што можна прыдумаць. Хаця, чаго чакаць ад краіны, дзе АМАП блакуе людзей у Чырвоным касцёле.

А яшчэ намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ў тэксце пра Дзень пісьменства і пра пляцоўку для дзеячоў культуры ніводнага радка таксама не напісаў пра звальненне 58 супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра. Сапраўды, у нашай краіне ўмеюць прадастаўляць дыскусійную пляцоўку дзеячам культуры: узялі і разагналі амаль увесь тэатр за іх грамадзянскую пазіцыю. А ўвогуле з такім ціскам з боку ўладаў на прадстаўнікоў культурнай сферы Дзень пісьменства будзе чарговай прафанацыяй.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ