Пра Дзень роднай мовы і 23 лютага



У Беларусі пра Міжнародны дзень роднай мовы памятаюць меней, чым пра савецкае свята Дзень абаронцы айчыны. Ужо і айчына тая, дзякуй богу, развалілася. А ў школах і прадпрыемствах дагэтуль працягваюць віншаваць мужчын і хлопчыкаў і дарыць ім у гэты дзень розныя шкарпэткі чорнага колеру ці гелі для душа. Потым усе гэтыя падарункі перакачоўваюць да іншых. Нават у некаторых крамах стаяць абвесткі: “20% зніжкі з нагоды Дня абаронцы айчыны”. І нідзе няма абвестак: “зніжкі з нагоды Дня роднай мовы”.

І пакуль кіраўнікі дыпмісіяў чытаюць вершы беларускіх класікаў да Дня роднай мовы, некаторыя беларускія кіраўнікі ўсяляк выказваюць сваё грэблівае стаўленне да беларускай мовы. Напрыклад, дырэктарка мінскай школы №185 Галіна Юрцэвіч грэбліва заявіла журналістам: “Дзе напісана, што я павінная разумець беларускую мову?”. А потым дадала, што не ведае слова “дырэктарка”.

Дэпутат Максім Місько заявіў, што перавод нарматыўных актаў на беларускую мову немагчымы, бо гэта пацягне прыцягненне дадатковых бюджэтных сродаў. Па выніку, мы маем тое, што нягледзячы на роўнасць дзвюх дзяржаўных моваў, толькі 3% нарматыўных актаў надрукавана на беларускай мове. І павялічыць колькасць беларускамоўных нарматыўных актаў, аказваецца, задорага для дзяржавы. То бок трымаць нікому не патрэбныя Міністэрства ЖКГ, БРСМ, ідэолагаў ды вялікую колькасць сілавых структур – гэта нядорага. А перакласці нарматыўныя акты на беларускую мову – гэта прыцягненне дадатковых бюджэтных сродкаў. Разагнаць усіх дзяржаўных гультаёў – і адразу з’явяцца сродкі і не беларускамоўныя нарматыўныя акты, і на беларускамоўныя дзіцячыя садкі ды школы. Абы было жаданне, як той казаў. А пакуль што ў прыярытэрах нашых уладаў – савецкі Дзень абаронцы айчыны, а зусім не Міжнародны дзень роднай мовы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ