Пра дзіўнага беларускага рэктара
Як толькі ўлады Беларусі цяпер не называюць пратэстоўцаў. І замежнымі агентамі, і нязначнай з’явай. А вось рэктар аднаго з беларускіх ВНУ назваў увогуле сепаратыстамі. Доўга я думала, якім бокам сепаратысты да пратэстоўцаў, і так і не дадумалася. Так што, глыбакадумнае выказванне рэктара аднаго з беларускіх універсітэтаў засталося па-за разуменнем многіх людзей. Можа быць, ён пераблытаў сепаратыстаў з якой-небудзь плыняй, назва якой таксама заканчваецца на –стаў. Напрыклад, сепаратыстаў і авангардыстаў. Ці сепаратыстаў і футурыстаў. Альбо сепаратыстаў і карыкатурыстаў.
Кіеава-Магілянская акадэмія прапанавала адлічаным за палітыку студэнтам працягнуць навучанне ў сваіх сценах. Адзін з беларускіх рэктараў дзіўна адрэагаваў на дадзеную ініцыятыву: ён абурыўся. Прычым, заўважце, абурыўся не адлічэннем студэнтаў па палітычных матывах. Не тым, што студэнтаў затрымлівалі за акцыі пратэсту, што іх збівалі. Рэктар аднаго з беларускіх ВНУ абурыўся тым, што Кіева-Магілянская акадэмія нібыта перацягвае да сябе студэнтаў. Той рэктар менавіта так і напісаў: “Навошта вы перацягваеце з Беларусі нашых студэнтаў? Вам што – сваіх мала? Вы падтрымліваеце сепаратысцкія настроі ў нашай краіне, ад якіх пакутуеце ў сваёй краіне. Расея, Україна і Беларусь – братнія народы”. Такое адчуванне, што рэктар троху рэгіёны пераблытаў. Можа, ён у розныя саманазваныя ЛНР і ДНР пісаў? Калі ўжо казаць, то сепаратысты жывуць там. І толькі там працягваюць яшчэ гаварыць пра братнія народы. А вось у Кіеве Расею даўно перасталі назваць братняй. Пратэсты ў Беларусі сепаратысцкімі зусім не назавеш. Ну, ніхто ж не выступае за незалежнасць, напрыклад, Мінска ад іншых гарадоў. Карацей, што хацеў сказаць той рэктар так і засталося таямніцай. Лепей бы свой імпэт скіраваў на абарону адлічаных за палітыку студэнтаў.