Пра дзіўную раду па рэкламе
Без мяне мяне жанілі, як той казаў. У новы склад Міжведамаснай рады па рэкламе не ўключылі прадстаўнікоў бізнесу. Самае цікавае, Міжведамасная рада была створана, у тым ліку дзеля таго, каб удасканальваць узаемадзеянне паміж дзяржаўнымі органамі, вытворцамі рэкламы і рэкламараспаўсюджвальнікамі. І вось цяпер у радзе па рэкламе і Мінінфарм, і Мінспорт, і аблвыканкамы, і Мінгарвыканкам, і нават прадстаўнікі БДУ. А прадстаўнікоў бізнесу, якія гэтую рэкламу акурат ствараюць, плаціць за яе і зацікаўлены ў ёй, у радзе па рэкламе няма. З рады выключылі прадстаўнікоў ажно пяці бізнес-асацыяцый, якія мелі дачыненне да рэкламнай індустрыі. Сапраўды, а навошта. Чыноўніцы з начосамі з міністэрстваў і выканкамаў ды чыноўнікі з барсеткамі з гэтых жа ведамстваў болей ведаюць пра рэкламу, чым бізнэс-асацыяцыі. Як у тым анекдоце: што нам будаваць дом пабудаваць: намаляваў ды і пайшоў. Хутка ў Беларусі ва ўсіх сферах будуць адныя чыноўнікі, якія будуць за ўсіх усё вырашаць. Можна паводле аналогіі стварыць міжведамасную раду па літаратуры. І, канешне ж, не ўключаць туды пісьменнікаў. А толькі чыноўнікаў, якія лепей, чым пісьменнікі ведаюць, як пісаць літаратурныя творы. Ці, напрыклад, стварыць раду па архітэктуры без архітэктараў, раду па спорце без спартоўцаў, раду па школе без настаўнікаў. Ну, а што?! Чыноўнікі лепей за нас ведаюць, як нам жыць.