Пра дзіўны бязвіз



Вісіць груша, нельга з’есці? Не, гэта не ляпачка. Гэта беларускі бязвіз. Ён нібыта ёсць, а скарыстацца ім немагчыма. Прачытала я інфармацыю, што цяпер замежнікі могуць прыязджаць праз абласныя аэрапорты і не афармляць візы на тэрмін да 30 дзён. Раней бязвіз можны было атрымаць толькі тады, калі прыязджаеш праз Нацыянальны аэрапорт. Вось пасля гэтага так і ўяўляюцца натоўпы турыстаў, якія прыедуць знаёміцца з культурай і традыцыямі беларускага народу. І тут, як той казаў, кропля смуроду псуе гарнец мёду. А ў нашым выпадку нават не кропля. А многа кропляў. Па-першае, самалёты з Еўропы, ЗША і Украіны ў Сінявокую не лятаюць з таго моманту, як улады Беларусі вырашылі спыніць грамадзянскі самалёт, які ляцеў над нашай неабдымнай краінай. Таму, хто будзе карыстацца бязвізам у адсутнасць авіяспалучэння, пакуль не зразумела.

Па-другое, заходзіш на сайт гомельскага аэрапорту, глядзіш расклад рэйсаў, а там адзін-адзінюткі рэйс у Калінінград і тое не браніруецца. А не браніруецца, бо міжнародных палётаў няма, а толькі чартаныя рэйсы. І так ва ўсіх абласных гарадах. І па-трэцяе, баяцца ў Беларусь ляцець замежнікі: тут жа любога могуць затрымаць за пікет ці яшчэ якую трасцу. А перспектыва даследаваць ІЧУ як хостэл мала каго радуе. Так што, бязвіз праз абласныя гарады нібыта ёсць, але насамрэч яго няма, бо практычна няма каму яго выдаваць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ