Пра дзіўныя супадзенні



З 11 сакавіка беларусы не змогуць набыць новы аўтамабіль “Skoda Rapid”. Прычына – часовае спыненне продажу ў сувязі прадпісаннем Дзяржстандарта аб неабходнасці ўдакладнення фармулёвак ва Ухваленні тыпу транспартнага сродку. І хоць іншыя чатыры мадэлі па-ранейшаму можна набыць у дылера, але штосьці падказвае, што прадпісанне Дзяржастандарта з’явілася не проста так. Менавіта “Skoda” як генеральны партнёр чэмпіянатаў свету па хакеі адмаўлялася спансаваць чэмпіянат свету па хакеі, калі б ён прайшоў у Мінску. “Мы паважаем і падтрымліваем правы чалавека”, — адзначалася ў афіцыйнай заяве. Можа быць, гэта і супадзенне. А, можа быць, як той казаў, “я мсцю і мсця мая страшна”. Дылер “Skoda” ў Беларусі абяцае паведаміць пра аднаўленне продажу мадэлі Skoda Rapid. Хочацца верыць у добрае і светлае. А менавіта ў тое, што хакей тут не прычым і хутка Дзяржстандарт зменіць сваё рашэнне.

Дарэчы, сярод тых, хто адмовіўся спансаваць чэмпіянат свету па хакеі ў 2021, калі б ён прайшоў ў Мінску, таксама брэнд Nivea. Спадзяемся, Дзяржстандарт да прадукцыі гэтага брэнду не будзе мець нейкіх прадпісанняў. А тое глядзіш, таксама прыпыняць продаж якога крэму ці шампуню.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ