Пра дзіўныя супадзенні



Паводле статыстыкі, двойні трапляюцца прыкладна адзін раз на 80 родаў. Колькі чалавек з гэтай двойні ідзе ў палітыку, не вядома. Прычым менавіта ўсёй двойняй, а не па адным. Але наўрад ці вельмі многа. І вось у расейскім Санкт-Пецярбургу канкурэнты апазіцыйнага кандыдата дзіўным чынам выглядаюць аднолькава. Такое адчуванне, што сапраўды блізняты, якія вырашылі разам падацца ў палітыку. Прычым на адзін выбарчы ўчастак. Ну, каб ужо дакладна кагосьці аднаго абралі. Праўда, адна дзіўная рэч. Аднолькавыя кандыдаты маюць аднолькавае прозвішча, аднолькавыя імёны, але розныя імёны па бацьку. Ну, у жыцці ўсё можа быць. Можа, бацькі вырашылі такі падарунак зрабіць сваім знаёмым, з кім у добрых (ці наадварот не ў добрых) стасунках. У Санкт-Пецярбургу Вішнеўскі Барыс Генадзьевіч і Вішнеўскі Барыс Іванавіч балатуюцца на мясцовых выбарах у дэпутаты. І канкурэнцыю яны ствараюць апазіцыйнаму кандыдату Вішнеўскаму Барысу Лазаравічу! Праўда, блізняты-канкурэнты чамусьці не толькі маюць розныя імёны па бацьку, але і розны ўзрост. Так што, нейкія дзіўныя разнаўзроставыя блізняты атрымаліся з рознымі імёнамі па бацьку.

А цяпер уявіце сярэднестатыстычнага выбарца. Прыходзіць ён ці яны на выбарчы ўчастак. А там трое кандыдатаў. Усе трое – Вішнеўскія. Усе трое – Барысы. Усе трое маюць бароды і залысіны. А хто там з іх Генадзьевіч, хто Іванавіч, а хто Лазаравіч, пакуль дойдзеш да кабінкі, каб прагаласаваць, то ўжо забудзеш. І вось і хацеў бы прагаласаваць за апазіцыянера, ды ўжо забыў, хто ён там: Генадзьевіч, Лазаравіч ці Іванавіч.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ