Пра эстонскіх і беларускіх жабак



Калі пачытаеш навіны з Беларусі, то хочацца стаць эстонскай жабкай. У Эстоніі пра жабак клапоцяцца. Іх у турму не кідаюць. Для іх наадварот умовы ствараюць.

У Таліне часова спынілі аўтамабільны рух на некаторых вуліцах. І не таму, што едзе нейкі кіраўнік. Не таму, што аўральнымі тэмпамі праводзяць рамонт дарог, бо чакаецца прыезд нейкага кіраўніка. А дзеля таго, каб не перашкаджаць сезоннай міграцыі жаб. Адзін з раёнаў сталіцы Эстоніі з’яўляецца найбуйнешым міграцыйным калідорам для жабак. Вось і вырашылі мясцовыя ўлады выратаваць земнаводных, перакрыўшы некалькі вуліц. Уяўляеце? Беларускім жабкам так не пашанцавала. Пра беларускіх жабак так не клапоцяцца. Як і пра беларускіх грамадзян. Нават болей, у свеце апошніх падзей складваецца ўражанне, што жыццё эстонскай жабкі даражэйшае. У Беларусі цяпер вобшукі, вялікія тэрміны ні за што, затрыманні, арышты. А эстонскія жабкі скачуць сабе спакойна па перакрытых вуліцах. У беларускай сталіцы вуліцы зусім для іншага перакрываюць мясцовыя ўлады. Беларускім грамадзянам спакой толькі сніцца. Карацей, у 2021 годзе лепей быць эстонскай жабкай, чым беларускім грамадзянінам з уласнай пазіцыяй.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ