Пра фантастычныя выпадкі
Фантастычны выпадак адбыўся ў Новай Зеландыі. Мы пра гэта можам толькі марыць. Уяўляеце, там на нумар экстраннай службы патэлефанавала чатырохгадовае дзіця. Яму проста стала сумна: маці прыхварэла, а тата быў заняты з малодшым. І дзіця прапанаваў заехаць да яго ў госці, бо ён зможа паказаць свае цацкі. І што вы думаеце? Не, сям’ю не паставілі на ўлік. Нікога не затрымалі. Дыспетчар перадаў прапанову для свабодных падраздзяленняў, адзін з паліцэйскіх пагадзіўся заняцца малым. Ён прыехаў, паглядзеў на цацкі і паказаў дзіцяці паліцэйскую машыну. Вось такі шчаслівы канец.
Яшчэ адзін фантастычны для Беларусі выпадак адбыўся ў Вялікабрытаніі. Там суддзя абавязаў злачынцу чытаць класічную літаратуру. 21-гадовы малады чалавек, прызнаны ў захоўванні забароненых рэчываў, мусіць прыходзіць раз на чатыры месяцы, каб праверыцца, што прачытаў. Сярод літаратуры для азнаямлення: “Пыха і перадузятасць” Джэн Осцін, “Аповесць пра два гарады” Чарльза Дыкенса і творы Уільяма Шэкспіра. Таксама хлопца пакаралі двума гадамі турмы ўмоўна з адтэрміноўкай на два гады. Маладзён, які прытрымліваецца неанацысцкіх поглядаў, мог атрымаць і болей, аднак суддзя палічыла ягоны ўчынак “актам падлеткавай глупоты”.
І яшчэ адзін фантастычны прысуд. Толькі ўжо ў суседняй краіне. Ва ўкраінскай Адэсе двух злодзеяў прысудзілі да чытання нацыянальнай і сусветнай літаратуры для развіцця разумення агульначалавечых каштоўнасцяў. Двое маладзёнаў 19 і 23 год займаліся крадзяжом магнітол і дынамікаў з машын. Суддзя палічыў іх паводле ўзроўню развіцця і адукацыі “амаль дзецьмі” і што яны не з’яўляюцца небяспечнымі для грамадства. Таму вызваліў ад знаходжання ў турме цягам трох год, замяніўшы пакаранне на выпрабоўчы тэрмін. Таксама маладзёны мусяць чытаць вершы Тараса Шаўчэнкі, “Прыгоды Тома Соера” Марка Твэна і “Белы Клык” Джэка Лондана.