Пра фільм, які баяцца
“Беларусфільм” звярнуўся ў youtube, пасля чаго з відэасервісу выдалілі кінастужку “Купала”. Прычына — у парушэнні аўтарскіх правоў. Усё нібыта і правільна. Бо youtube вельмі сочыць, каб на іх сервісе гэтыя самыя аўтарскія правы не парушаліся. І фільм “Купала” выкінулі ў інтэрнэт у верасні 2020 года без дазволу праваўладальнікаў стужкі. Прычым выкінулі варыянт чарнавой версіі. Усё гэта мела б рацыю, калі б не адное але. Фільм “Купала” беларусам афіцыйна ніхто дагэтуль не паказаў. Абяцалі паказаць. Прычым так даўно, што ўжо ніхто не памятае, дзе і калі мусілі гэта зрабіць. Аднак дагэтуль так і не зрабілі.
Калі хто не адсочваў, то прэм’ера пра жыццё і дзейнасці класіка мусіла адбыцца яшчэ ў снежні 2019 года. Але не адбылася. Быццам не да канца былі зробленыя спецэфекты. Потым рэжысёр карціны Уладзімір Янкоўскі сказаў, што фільм усё ж такі пакажуць, бо яго даслалі на прагляд на самы верх, пасля чаго стужку зможа паглядзець і грамадства. І прэм’еру фільма перанеслі на 2020-ы год . І тут здарыўся 2020-ы год. Карацей, вось ужо сярэдзіна 2021-га, а абяцанай афіцыйнай прэм’еры так і не здарылася. Прычым нашым усходнім суседзям фільм пра класіка беларускай літаратуры паказалі, а самім беларусам не. Дык мала таго, што не паказалі афіцыйна, дык яшчэ і напісалі заяву, каб пірацкую версію выдалілі. Як той казаў, і сам ні гам, і другому не дам. І штосьці падказвае, што прэм’еры фільма ў бліжэйшы час чакаць не выпадае. Бо нягледзячы на тое, што там паказаная эпоха пачатку 20 стагоддзя, вельмі шмат непажаданых для цяперашніх ўладаў Беларусі там паказваецца момантаў і перадаецца ідэй.