Пра Галілея і 35% расейцаў
Геліацэнтрычная сістэма свету існуе ажно са старажытнай Грэцыі. Пасля чаго на яе на некаторы час забыліся. Аднак ужо ў 16 стагоддзі польскі астраном Мікалай Капернік распрацаваў тэорыю руху планет вакол Сонца. А ў 17 стагоддзі Галілеа Галілей самастойна зрабіў тэлескоп, дзякуючы чаму і зрабіў шэраг адкрыццяў: горы на Месяцы, чатыры спадарожнікі Юпітэра, пляміны на Сонцы, ягонае варочанне вакол восі, фазы Венеры і што Млечны Шлях складаецца з зорак. За развіццё геліацэнтрычнай сістэмы Галілео Галілей сядзеў у турме і меў праблемы з каталіцкай царквой. У 1992 годзе папа Іаан Павал ІІ афіцыйна прызнаў, што інквізіцыя ў выпадку з Галілеем памылілася, гвалтоўна прымусіўшы астранома адракчыся ад тэорыі Каперніка. Падавалася, усё даўным даўно вядома. І тэлескопы ўжо нашмат мацнейшыя, чым у часы Галілея. І чалавек у космас паляцеў і на Месяцы пагуляў. Аднак аказалася, што не ўсе ведаюць пра геліацэнтрычную мадэль. Паводле апытання ВЦІОМа, 35% расейцаў лічаць, што Сонца варочаецца вакол Зямлі. Вы толькі падумайце: 35%. Гэта не 1, не 2 і нават не 10%. А цэлых 35%. У гэты момант Галілей на тым свеце схапіўся за галаву.
35% расейцаў лічаць, што Сонца варочаецца вакол Зямлі. А 21% апытаных перакананыя, што людзі жылі разам з дыназаўрамі. Яны, відаць, так і ўяўляюць сабе, як чалавек прыручыў трыцэратапсаў. Падавалася, што ўсеагульную абавязковую школьную адукацыю ўвялі даўно. І тут такія вынікі апытання: 35%! Калі падлічыць ад 140 мільёнаў, то атрымаецца ўнушальная лічба. Карацей, няхай жыве памяць пра Галілея.