Пра генерала Дзеда Мароза



Дзяды Марозы бываюць рознымі. Для дзяцей, для дарослых. У кагосьці ёсць Снягурка, у кагосьці – не. Аднак у любым разе яго чакаюць з падарункамі і жартамі. Аднак з чым не суадносіцца Дзед Мароз – гэта з вайной. Кій у Дзеда Мароза можа быць. А вось аўтамат не. Гэта як падчас Алімпійскіх гульняў спыняліся ўсе войны, так і падчас Калядаў зусім не хочацца ваяваць. Але стваральнікі Лініі Сталіна ў гэтым не перакананыя. Наадварот яны ва ўсю папулярызуюць вайну і асобу Кобы. Праграма наведвання Лініі Сталіна на Каляды – цалкам мілітарызаваная: пастраляць, памаляваць танчыкі, сфоткацца ў вайсковай форме, падбіць нямецкі танк. І на фоне ўсяго гэтага, заўважце, не Дзед Мароз і Снягурка, а партрэты Сталіна.

Нават Дзед Мароз там не зусім Дзед Мароз, а генерал з пагонамі і ў каракулевай шапцы. І падарункі Дзед Мароз раздае тэматычныя: з выявай Сталіна. Добра, што ў канцлагеры яшчэ не адпраўляе. Распавёў які-небудзь хлопчык ці дзяўчынка кепска вершык – і едзь куды-небудзь на Калыму. А ўвогуле, цікава, які інтарэс бацькам везці сваіх дзяцей на Лінію Сталіна да тамтэйшага Дзеда Мароза? Каб дзеці думалі, што вайна – гэта як Дыснэй Лэнд, толькі не з Мікі Маўсам, а з генералам Марозам і Сталіным?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ