Пра геніяльную ініцыятыву



У дадзеным выпадку геніі знаходзяцца ў Дзярждуме Расейскай Федэрацыі. Яны з нашымі парламентарамі могуць спаборніцтвы ладзіць, хто найбольш геніяльны. Дзярждума Расейскай Федэрацыі прыняла ў канчатковым чытанні законапраект, які ўзмацняе рэгуляванне для буйных замежных інтэрнэт-кампаній у Расеі. А цяпер та-дам: глядзім, якія кампаніі падпалі пад узмоцненае рэгуляванне. Яны нам усім знаёмы. Гэта сацсеткі (Facebook, Instagram, TikTok, Twitter), відэахостынгі (YouTube, Twitch.tv), месэнджары (WhatsApp, Telegram, Viber), паштовы сервіс (Gmail), пошукавікі (Google, Bing.com), правайдэры хостынгу (Amazon, Digital Ocean, Cloudflare, GoDaddy), анлайн-крамы (Aliexpress.com, Ikea.com, Iherb.com). І нават некамерцыйная кампанія Wikipedia.org. То бок гэта тыя рэсурсы, на якія мы з вамі заходзім ледзь не штодня.

І вось цяпер згаданыя рэсурсы кшталту Wikipedia і Facebook павінныя адкрыть філіялы, заснаваць расейскія юрыдычныя асобы і зарэгістраваць асабістыя кабінеты на сайце Роскамнагляду. А хто не зробіць, то, як у тым фільме, адключаць газ. Дакладней, заблакіруюць. То бок жыццё гэтых 20 кампаній не тое, што будзе рэгуляваным, а вельмі ўскладніцца. А ўвогуле, калі паглядзець, якія кампаніі падпалі пад рэгуляванне, то штосьці падказвае, то справа тут зусім у іншым, а не клопат пра карыстальнікаў сацсетак ці пошукавікоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ