Пра гумавы выраб №2



За савецкімі часамі, у якія дагэтуль хтосьці марыць вярнуцца, гумавым вырабам №2 называлі прэзерватывы. Існуе меркаванне, што гумавым вырабам №1 з’яўляўся процігаз. Наколькі гэта адпавядае праўдзе, цяжка сказаць. Аднак і прэзерватывы, і процігазы вырабляліся ў часы СССР на “Бакаўскім заводзе гумавых вырабаў”. Тры гады таму прадпрыемства ліквідавалі. А выраб саміх прэзерватываў перанеслі ў В’етнам увогуле ў пачатку 1990-х. Калі сыходзіць з цяперашніх рэалій, дарма. Пасля пачатку вайны прэзерватывы ў Расеі становяцца дарагімі і дэфецытнымі таварамі.

Расейскія крамы, аптэкі і маркетплэйсы фіксуюць падвышэнне попыту на выраб №2. Прычым у некаторых інтэрнэт-крамах попыт вырас ажно на 170% у параўнанні з аналагічным перыядам у 2021 годзе І яно зразумела. Людзі баяцца не толькі таго, што падвысяцца цэны на гэты тавар, але што прэзерватывы ўвогуле знікнуць з продажу. Памятаеце, “Бакаўскі завод гумавых вырабаў”, які вырабляў процігазы і прэзерватывы, ліквідавалі яшчэ тры гады таму. Аднак падвысіўся не толькі попыт, але і цэна на прэзерватывы. Цяпер некаторыя могуць каштаваць ў пераліку на беларускую валюту больш за 100 рублёў. Як жартуюць інтэрнэт-карыстальнікі, “сыходзячы з цэнаў на прэзерватывы, сэкс у РФ – гэта цяпер толькі для айцішнікаў”. А з іншага боку, пуціністы так марылі вярнуцца ў Савецкі саюз. Вось цяпер іх мары пачынаюць здзяйсняцца, а ўслед за марамі прыходзяць звыклыя для СССР рэчы: таварны дэфіцыт.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ