Пра імітацыю працы



Апошнім часам складжваецца ўражанне, што ўрад Беларусі займаецца чым заўгодна, але не кіраваннем краінай. Ягоная функцыя змясцілася на ўзровень дзяржаўных БРСМ ці камсамолу. Яшчэ троху і міністры з прэм’ерам пачнуць арганізоўваць флэш-мобы ды праводзіць лінейкі. Імідж краіны ніжэй за плінтус. Незалежнасць – пад вялікім пытаннем. Масавая эміграцыя. Унутрыпалітычны крызіс, які з 2020 года аніяк не вырашаецца. Рэпрэсіі, якія не спыняюцца. Суды даўно перасталі быць судамі. А чым займаецца ўрад? Напрыклад, намеснік прэм’ер-міністра занепакоены тэндэнцыяй павелічэння ўзросту ўступлення ў шлюб і нараджэння дзяцей бліжэй да 30 год. То бок лёс краіны пад пытаннем, а намеснік прэм’ер-міністра занепакоены тым, што дзеці цяпер позна нараджаюцца. Гэта вось акурат тая праблема, якой трэба займаецца. Ды яшчэ некалькі год такога кіравання краінай і дзяцей у гэтай краіне ўвогуле ў здаровым розуме ніхто не захоча нараджаць.

Узрост для нараджэння дзяцей – гэта акурат тое, што мусіць хваляваць урад. Украінска-беларускія стасункі сапсаваныя на гады. З Беларусі актыўная частка насельніцтва з’язджае. Ледзь не палова праграмістаў эмігравала. У рэшцэ рэшт, вайна. А намесніка прэм’ера Ігара Петрышэнка хвалюе, у колькі год нараджаюць у Беларусі. І не проста хвалюе, ён яшчэ і заявіў, што трэба прыдумаць стымулы для больш ранняга нараджэння дзяцей. І вы думаеце, хтосьці ўстаў і сказаў, каб ён перастаў вярзці лухту? Не! Усе слухалі з разумнымі тварамі. Такое адчуванне, што перад імі кароль Георг VI выступае з гістарычнай прамовай, а не Петрышэнка з нейкай абсалютна недарэчнай для цяперашняй сітуацыі праблемай. Лепей бы лёсам і іміджам краіны занепакоіліся. А пра ўзрост нараджэння дзяцей могуць зусім іншыя людзі і арганізацыі падумаць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ