Пра каляровую дыферэнцыяцыю штаноў
Савецкі кінарэжысёр грузінскага паходжання Георгій Данэлія, калі здымаў сваю антыўтопію “Кін-Дза-Дза”, не мог уявіць, што самыя дзіўныя фантазіі знойдуць сваё адлюстраванне ў сучаснай Беларусі. На далёкай планеце Плюк, дзе разгортваліся падзеі стужкі, існавала жорсткае каставае дзяленне. Прадстаўнікі вышэйшай касты насілі блакітныя і малінавыя штаны. Перад уласнікамі такіх штаноў людзі ніжэйшых слаёў (пацакі і чатлане) павінны былі прысядаць: хто адзін, а хто два разы. У залежнасці ад статусу. Каляровая дыферэнцыяцыя штаноў – не адзіная прыкмета жорсткага падзелу грамадства на планеце Плюк, але дакладна адна з самых яркіх.
У сучаснай Беларусі здарылася гісторыя, якая дакладна магла б натхніць Георгія Данэлія на працяг культавай кінастужкі “Кін-Дза-Дза”. У Гародні бравыя ўладаахоўнікі аштрафавалі маладую маці нібыта за ўдзел у пратэстнай акцыі. Кабета не выкрыквала антыдзяржаўных лозунгаў, не чаплялася да мінакоў, не пляскала ў далоні, не трымала ніякіх сцягоў у руках і плакатаў. Увагу міліцыянтаў прыцягнулі штаны жанчыны з палоскамі, як цяпер прынята казаць, палітычных колераў. Пры затрыманні, як гаворыць кабета, супрацоўнікі органаў, рэагуючы на абурэнне затрыманай, нявінна спыталі: “А што, вы сваімі штанамі нічога не хацелі сказаць?”. Затрыманую суправадзілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол. У дакуменце міліцэйскай рукой была напісаная шэдэўральная фраза пра “колер штаноў, што парушаюць грамадскі парадак”. Потым адбыўся самы гуманны і хуткі суд, на якім суддзя зноў пацікавіўся вопраткай кабеты. Дазнаўшыся, што бел-чырвона-белыя лампасы не былі нашытыя гарадзенкай самастойна, а маюць фабрычнае паходжанне, рэчавы доказ, то бок штаны, вырашылі не канфіскаваць. І на гэтым, як той казаў, дзякуй. Кабету аштрафавалі на 580 рублёў.