Пра камбайн-трансформер
Што нам будаваць дом пабудаваць, намаляваў ды і пайшоў. Такое адчуванне, што ўлады Беларусі прыкладна так уяўляюць працэс стварэння аўтамабіля. Падпісаў загад. І аўтамабіль з’явіўся. Міністр прамысловасці Пётр Пархомчык распавёў, што Расея і Беларусь збіраюцца стварыць уласны аўтамабіль. Праўда, ні там, ні там няма вытворчасці неабходным кампанентаў легкавога аўтатранспарта. Але над такімі дробязямі ўлады Беларусі не задумваюцца. Яны, відаць, думаюць, што троху пераробяць айчынны камбайн — і атрымаюць па выніку джып. Вынаходніцтва ўладаў Беларусі – камбайн трансформер. Націскаеш адну пімпачку – і перад табой ужо аўтамабіль.
На думку міністра прамысловасці Беларусі, не хапае для аўтамабіля мастоў, скрыні і рухавіку. Пра іншыя кампаненты, эстэтыку, бяспеку Пётр Пархомчык чамусьці нічога не сказаў. Не кажучы ўжо пра наяўнасць свабоды для таго, каб ствараць прыгожыя і зручныя аўтамабілі. А, і сапраўды, навошта ўсе гэтыя навароты простым беларусам. Якая эстэтыка, якія зручныя сядзенні! Масты, скрыні і рухавік – і аўтамабіль гатовы. Прычым Пётр Пархомчык спадзяецца на поўным сур’ёзе, што знойдзе выйсце, каб стварыць аўтамабіль. І не проста аўтамабіль, а электрамабіль! То бок у Беларусі цэлае лета не могуць прыдумаць ува што малако разліваць пасля таго, як праз санкцыі сталі забароненыя пастаўкі расходнікаў і сыравіны для выпуску ўпакоўкі tetra pak. Затое пра цэлую машыну сталі заікацца.