Пра канкурэнтаў “Беллегпрама”



Парваных джынсаў ад “Беллегпрама” мы так і не дачакаліся. За гэты час, пакуль яны іх збіраліся рабіць, ужо і мода змянілася. Затое дачакаліся новых арыгінальных прапановаў. А менавіта: альбо закрыць усе сэканд-хэнды, альбо, прынамсі, вынесці іх з абласных цэнтраў і буйных гарадоў. Канешне, забараніць лягчэй, чым прыдумаць нешта сваё. Ці хаця б джынсы нарэшце зрабіць.

А цяпер удумайцеся, на якім узроўні знаходзіцца “Беллегпрам”, калі яны ў якасці сваіх канкурэнтаў бачаць сэканд-хэнды. Уявіце, каб якія-небудзь D&G затрабавалі забараніць сэканды. Ну, ладна D&G. Яны не для ўсіх. Уявіце тады, каб шматлікія мас-маркеты, кшталу H&M ці Zara, прапанавалі б вынесці сэканды з буйных гарадоў. У мяне не атрымліваецца, нават калі вельмі напружыць мазгі. Бо сэканды – гэта сэканды, мас-маркеты – гэта мас-маркеты, а модныя дамы – гэта модныя дамы. У кожных свая аўдыторыя. А вось “Беллегпрам” чамусьці можа выйсці з прапановай аб забароне сэканд-хэндаў. Прычым не ўпершыню. Старшыня канцэрна Таццяна Лугіна заявіла на тэлеканале СТВ, што яна за сумленную канкурэнцыю. Маўляў, іхнія прадпрыемствы вытрымліваюць усе патрабаванні тэхрэгламенту, таму хочацца, каб на рынку ўсе так працавалі. У адказ інтэрнэт-карыстальнікі прапанавалі даць кіраўнічцы канцэрна заробак у 300 беларускіх рублёў, прыбраць адтуль грошы за камуналку і плацяжы, а потым на рэшту апрануць яе ў прадукцыю “Беллегпрама” пасля першага мыцця. А ўвогуле, хочацца нагадаць Таццяне Лугіной, што мы жывем у 2020 годзе, а не ў далёкіх васьмідзясятых, якімі патыхае звычайна вопратка беларускай лёгкай прамысловасці. І, можа быць, Таццяна Лугіна не ведае, але цяперашнія заробкі ў людзей зусім не такія, якімі іх Белстат малюе. Вось калі падумаюць у “Беллегпраме” пра суаднясення цаны і якасці, тады і забаронаў не спатрэбіцца. Людзі самі пабягуць купляць беларускае.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ