Пра капусту як пагрозу бяспекі
Ёсць такі горад у Расеі – Аранбург з насельніцтвам трошкі больш за 500 тысяч чалавек. Мала хто б ведаў пра гэты горад. Ну, ці мала гарадоў у розных краінах. Калі б не суды і пракуратура гэтага горада. Яны, як аказалася вялікія арыгіналы і жартаўнікі. Проста нейкі клуб вясёлых і знаходлівых, а не пракуратура з судом. Вось ужо некалькі месяцаў суды Аранбургу вырашаюць, ці з’яўляецца абвестка пра продаж пекіснкай капусты з Польшчы пагрозай нацыянальнай бяспецы ці не.
Нагадаю, як усё было. У канцы 2020 года Аранбургская транспартная пракуратура звярнулася з адміністрацыйным зыскам і запатрабавала забараніць абвестку аб продажы пекінскай капусты з Польшчы, якая з’явілася на адным з сайтаў у расейскім сегменце інтэрнэту. Больш за тое, на думку пракуратуры, падобная абвестка з’яўлялася пагрозай нацыянальнай бяспекі. Карл! Пекінская капуста з Польшчы – гэта пагроза нацыянальнай бяспекі! З’еш яе і што? Пераўтварышся ў жабу? Ці з’еш капусту і станеш прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў? А самае цікавае, суд у Аранбургу прызнаў, што падобная абвестка аб продажы пекінскай капусты з Польшчы з’яўляецца пагрозай нацыянальнай бяспекі Расеі.
Аднак нядоўга радавалася пракуратура сваёй перамогай на ніве абароны нацыянальнай бяспекі. Аранбургскі абласны суд ва ўсім разабраўся і адмяніў рашэнне аб забароне абвесткі пра продаж пекінкі з Польшчы. Ура! Грамадзяне Расеі могуць спаць спакойна! Нацыянальнай бяспецы іхняй краіны цяпер нічога не пагражае. Аранбургскі абласны суд усё-такі прызнаў, што абвестка пра продаж пекінкі з Польшчы не з’яўляецца пагрозай нацыянальнай бяспекі РФ.