Пра карысць ад Еўрапейскіх гульняў



Вясна ў самым разгары. А гэта азначае што? Што набліжаюцца дні адключэння гарачай вады. У 21 стагоддзі ў Беларусі, якая спрабуе засвоіць космас, дагэтуль на два тыдні гараджане застаюцца без дасягненняў цывілізацыі. Добра, што хоць каналізацыю не адключаюць, а тое давялося б, як у ранейшыя часы, карыстацца грамадскімі прыбіральнямі ў выглядзе драўляных домікаў.

Адключаць гарачую ваду пачнуць ужо з сярэдзіны траўня. Тым жыхарам беларускіх гарадоў, якім не пашанцавала патрапіць на адключэнне вады ў апошні месяц вясны, даводзіцца толькі спадзявацца на цёплае надвор’е. А вось калі ў сярэдзіне траўня здарыцца пахаладанне да градусаў 15, то камфортным жыццё ў халоднай кватэры без гарачай вады ў гэтыя два тыдні не назавеш. Затое пашанцавала сёлета жыхарам сталіцы. Не, адключэнне гарачай вады адбудзецца і ў Мінску. Аднак на перыяд правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў з 18 чэрвеня па 4 ліпеня будзе тэхнічны перапынак у графіку адключэння гарачай вады. Канешне, якому-небудзь немцу ці французу не патлумачыш, чаму ў кранах у самым цэнтры Еўропы ў 21 стагоддзі няма гарачай вады. Пра праверку і рамонт цеплавых магістраляў казкі не параспавядаеш. На жаль, тэхнічны перапынак не азначае, што адключэння гарачай вады не будзе. Як толькі еўрапейцы з’едуць, ваду адключаць. Больш за тое, графік адключэння пасунецца ажно на верасень, калі таксама не заўжды цёпла. Затое на Еўрапейскія гульні ў нас усё будзе чысценька і з гарачай вадой.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ