Пра карысць для народу



Памятаеце жарт пра працу: начальнік заўжды мае рацыю, а калі не мае, то глядзіце пункт першы. Для Беларусі гэты жарт актуальны як ніколі. Толькі гаворка ідзе пра самага галоўнага начальніка. Ну, вы зразумелі, пра якога.

На сустрэчы з лідэрамі лаяльных арганізацыяў Наталля Качанава размаўляла пра ратацыю кадраў, як тое і даручыў саміведаецехто пасля сваёй паездкі ў Віцебскую вобласць. Там саміведаецехто страшыўся, што разгоніць кіраўніцтва ўраду, бо тыя не выконваюць ягоныя даручэнні. Пасля гэтай паездкі некаторыя пазбавіліся сваіх працоўных месцаў. І гэта, відаць, яшчэ не ўсе звальненні, раз Наталля Качанава пачала размаўляць пра ратацыю кадраў ва ўрадзе з кіраўніцтвам грамадскіх арганізацыяў.

Аднак самае цікавае, не тое, хто прысутнічаў на сустрэчы. Можна было нават і не чакаць, што кіраўнічка Адміністрацыі запросіць на сустрэчу праваабарончы цэнтр “Вясна” ці Беларускую асацыяцыю журналістаў, альбо Саюз беларускіх пісьменнікаў. На сустрэчы былі толькі правераныя БРСМ, ветэраны ды прафсаюзы. Самае цікавае, што гаварыла Наталля Качанава. А сказала яна наступнае: “Невыкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы недапушчальна. Недапушчальна, паколькі ўсе даручэнні прэзідэнта накіраваны на карысць нашаму народу,на карысць нашай краіне”. То бок атрымліваецца як у тым жарце: усе даручэнні саміведаецекаго накіраваны на карысць народу. А калі вам падаецца, што не накіраваныя, то глядзіце пункт першы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ