Пра кепскую кампанію
Кіраўнікі краінаў, якія павіншавалі нашае ўсё з абраннем, яшчэ тыя прадстаўнікі сваіх народаў. Кампанія сабралася, калі шчыра, не самая лепшая. Хто ж павіншаваў? Напрыклад, кіраўнік Сірыі Башар Асад – той, хто вельмі жорстка распраўляецца са сваімі апанентамі, хто ўвёў сваю краіну ў хаос і грамадзянскую вайну, той, хто супраць свайго народу хімічную зброю ўжываў. Карацей, канфлікт у Сірыі цягнецца ўжо 9 год, а Башар Асад усё ніяк не можа пакінуць свой любімы народ, супраць якога ўсе гэтыя гады не спыняецца гвалт.
Сярод тых хто павіншаваў, — гэта старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін. Ну, Кітай – гэта асобная песня. Таварамі яны, канешне, увесь свет запаланілі. Але дэмакратыяй там і не пахне. Ды і камуністычная партыя і дэмакратыя – паняцці несумяшчальныя. А некаторыя рэгіёныя Кітая – гэта ўвогуле суцэльная турма. Павіншаваў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. Ну, сям’я Аліевых ля стырна з 1993 года. Спачатку бацька быў – Гейдар Аліеў. А калі ў яго пачаліся праблемы са здароўем, то ў 2003 годзе прэзідэнтам стаў Ільхам Аліеў, які перамагаў на выбарах ужо чатары разы.
А адным з першых павіншаваў Уладзімір Пуцін. Як жа без яго. Уладзімір Уладзіміравіч таксама з уладай раставацца, па хадзе, не збіраецца. Таму ўсё, што адбываецца ў Беларусі цяпер, для яго – страшэнны сон. Ну, а разам з расійскімі ўладамі, павіншавалі і тыя краіны, якія вельмі сябруюць з імі. Боснія і Герцэгавіна і Арменія. Карацей, кампанія яшчэ тая. А вось у Еўрапарламенце наадварот не прызналі вынікі выбараў у Беларусі.