Пра хаос у адукацыі



Беларускае грамадства зноў падзялілася. Цяпер у пытаннях адукацыі. Бацькі пачалі спрачацца, вадзіць дзяцей у школу ці не, ва ўмовах, калі ў свеце ў многіх краінах каранціны, а ў Беларусі – суботнікі і парады.

Сконыліся доўгія канікулы. Самае цікавае, што скончыліся яны пасля таго, як кіраўнік краіны заявіў, што ўсіх дзяцей трэба адправіць у школу з панядзелка. І што вы думаеце? Міністэрства адукацыі без якіх-кольвек абмеркаванняў так і зрабіла. То бок ва ўсіх нармальных краінах улады прыслухоўваюцца да спецыялістаў і толькі потым прымаюць рашэнні. А ў нас спецыяліст ва ўсім – адзін. Як той казаў, і шнец, і жнец, і на дудзе грэц. Але яго ўсе міністэрствы і ведамствы слухаюцца.

Настаўнікі ў  разглубленнасці. Бацькі таксама. З аднаго боку, спачатку рыхтаваліся да дыстанцыйнага навучання. Потым дыстанцыйнае навучанне адмянілі. З другога боку, сказалі ўсіх адправіць у школы. Але заявілі, што па жаданні бацькоў дзяцей у школы можна не вадзіць. Цяпер настаўнікі спачатку працуюць для тых дзяцей, хто ў школе. А потым для тых, хто дома. А ў адсутнасці нейкай адной стратэгіі з боку кіраўніцтва краіны ўвогуле ніхто не ведае, што рабіць.

У сацыяльных сетках народ абменьваецца інфармацыяй, колькі дзяцей з’явілася ў школах пасля канікул. Хтосьці піша, што 80% дзяцей не пайшло ў школу. Хтосьці прыводзіць лічбу ў 65% дзяцей, якія адмовіліся ісці ва ўстановы адукацыі. Аднак многія сыходзяцца на тым, што ў класах знаходзіцца менш за палову вучняў. Такая колькасць дзяцей у класах сведчыць толькі пра адно: наш народ не верыць ні Міністэрству аховы здароўя, ні Міністэрству адукацыі, ні тым, хто яшчэ вышэй.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ