Пра харчовую бяспеку



У крамах да канца гэтага году знізіцца колькасць імпартных тавараў. Згодна з Дактрынай нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 доля імпартных тавараў знізіцца да 14%. Аднак ужо да канца гэтага года колькасць нянашых тавараў будзе змяншацца і складзе 15%. Засталося толькі даведацца, ці падпадзе пад дадзеную Дактрыну тавар з суседняй краіны, з якой мы нібыта будуем саюзную дзяржаву. Як напісаў адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў: “Спадзяюся, знікне бранскае печыва, а французскі сыр застанецца”. На што яму адпісалі, што ён аптыміст.

Пытаннем, ці знікнуць прадукты расейскай вытворчасці ці ўсё-такі добрыя прадукты, задаюцца многія інтэрнэт-карыстальнікі. І сапраўды, у многіх беларускіх крамах прадаецца расейская капуста, гуркі і памідоры. Такое адчуванне, што ў нас сваёй капусты няма! Тое ж самае датычыць і цукерак. У нас многа фабрык, але прадаюцца часта ў асноўным расійскія цукеркі, якія да таго ж знешнім выглядам і назвамі нагадваюць украінскія. Калі без цукерак пражыць можна, то вось без макаронаў многія не ўяўляюць сваё жыццё. А вось адкуль возьмуцца айчынныя макароны з цвёрдых сартоў пшаніцы, не вядома. Бо пшаніца ў нас такая не расце. Тое ж датычыцца і віна. Не расце ў нас патрэбны для гэтага вінаград: сонца не тое, глеба не тая. І ўвогуле беларускае віно віном назваць нельга.

А цяпер троху лічбаў. Паводле дадзеных Белстата, летась колькасць імпартных фруктаў у айчынных крамах склала больш за 90%. І калі доля імпартных тавараў знізіцца, то што з’явіцца замест ківі, апельсінаў і ананасаў? А яшчэ пытанне: ці гатовыя беларускія прадпрыемствы і калгасы вырабляць у такой колькасці прадукты, як прадугледжана Дактрынай нацыянальнай харчовай бяспекі? Альбо дакумент прымуць, імпартныя тавары знікнуць, а замет іх нічога айчыннага не з’явіцца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ