Пра клубнічны крызіс
Калі беларускія дзяржаўныя арганізацыі паведамляюць, што сітуацыя ў нейкай сферы стабілізавалася, то пачынаеш хвалявацца. Бо хутчэй за ўсё сітуацыя выглядае інакш. Вось і цяпер, калі ва ўпраўленні арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю заявілі, што сітуацыя з цэнамі на клубніцы стабілізавалася, то неяк у гэта не вельмі паверылася.
Пра тое, што цэны на клубніцы сёлета будуць нізкімі прагназавалі яшчэ ў красавіку. Бо на поўдні Еўропы сезон гэтых ягад стартаваў з рэкордна нізкіх цэн. У суседняй Польшчы ўжо ў пачатку красавіка кошты білі ўсе антырэкорды. Па гэтай прычыне ў суседняй Украіне захваляваліся таксама ў пачатку красавіка. А ў Беларусі, як заўжды, усё было стабільна, а таму ніхто не хваляваўся. Па выніку гэтая стабільнасць прывяла да таго, што на Палессі фермеры ў чэрвені не змаглі здаць клубніцы нават па 20 капеек за кілаграм. Цана на вялікія і адабраныя клубніцы складае 50 капеек. Некаторым скупшчыкам клубніцы кідалі проста пад ногі. Не прайшло і тыдня, як Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю заявіла, што цяпер сітуацыя на рынку стабілізаваная і, увага, дзяржава прымае ў насельніцтва клубніцы для прамысловай пераапрацоўкі па цане 30-70 капеек за кілаграм. Крутая ў Беларусі ўсё ж такі стабілізацыя. На цэлыя 10 капеек вышэй, чым тады, калі некаторыя фермеры проста выкідалі клубніцы. Што праўда, таварныя ягады абяцаюць прымаць па цане адзін рубель за кілаграм. Цяпер засталося паверыць, што Белкаапсаюз убачыць гэтыя таварныя ягады. А не будзе прыраўніваць усе клубніцы да звычайных, якія ідуць на прамысловую пераапрацоўку. А ўвогуле, добра, што хоць праз два месяцы заўважылі праблему, якая ў суседніх краінах прагназавалася раней. А маглі б проста зрабіць выгляд, што ўсё добра.